СЛУ́ЦКАЯ МАНУФАКТУ́РА ШАЎКО́ВЫХ ПАЯСО́Ў, Слуцкая персіярня. Дзейнічала ў 1740—1844 у г. Слуцк Мінскай вобл. У 1760-я г. да яе далучана Нясвіжская персіярня, што існавала з 1740-х г. у прыгарадзе Нясвіжа Альба. На мануфактуру быў запрошаны з г. Станіслава (цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) майстар Я.​Маджарскі (гл. ў арт. Маджарскія). Напачатку тут працавалі тур. майстры, потым падрыхтаваны бел. майстры ручнога шаўкаткацтва М.​Баранцэвіч, І.​Барсук, Я.​Гадоўскі, Капчыла, Лойка, Т.​Хаецкі і інш. У 1793 працавала 60 майстроў, было 28 станкоў. Выраблялі слуцкія паясы, а таксама шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, падвязкі, стужкі, габелены, дываны. З пач. 19 ст. выпускала пераважна тканіны для літургічнага ўжытку.

Літ.:

Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

Дз.​С.​Трызна.

т. 15, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)